15 сакавіка 1994 года дэпутаты Вярхоўнага Савета большасцю галасоў прынялі Канстытуцыю Беларусі, а следам — закон, паводле якога яна набыла моц праз два тыдні, 30 сакавіка. Асноўны закон вызначаў краіну як унітарную дэмакратычную сацыяльную прававую дзяржаву, усталёўваў прынцыпы дэмакратычнага ладу, прыярытэт правоў і свабод чалавека, вяршэнства міжнароднага права.
У краіне з’явілася пасада прэзідэнта — з шырокімі, але ўсё ж абмежаванымі паўнамоцтвамі. Аднак канстытуцыйны рэферэндум напрыканцы 1996 года нанёс прынятай сістэме стрымак і проціваг такі ўдар, ад якога яна ўжо не змагла акрыяць.
Пра тыя падзеі, а таксама сучаснасць і будучыню Канстытуцыі Беларусі “Позірк” распытаў дэпутата Вярхоўнага Савета XII склікання, а цяпер дарадцу Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоля Лябедзьку.
— На якім этапе ўзнікла ідэя ўвесці пасаду прэзідэнта? Каму яна належала?
— Беларусь была ў агульным трэндзе працэсаў, якія адбываліся пасля развалу СССР. І ў гэтым трэндзе прысутнічаў запыт кіруючых пракамуністычных палітычных эліт на інстытут прэзідэнта. Адпаведна, аўтарства ідэі можна лічыць калектыўным. Гэтую прапанову пачалі прапампоўваць з пачатку 1990-х.
Так, некаторыя палітычныя сілы, як, напрыклад, Беларускі народны фронт, былі супраць увядзення пасады прэзідэнта. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Гаворка тут ішла не пра нейкае прадчуванне ці прадбачанне небяспек. Лідары БНФ рэалістычна ацэньвалі свае шанцы, яны зафіксаваныя ў выніковых пратаколах выбараў 1994 года — 13% (кіраўнік фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII склікання Зянон Пазьняк у першым туры прэзідэнцкіх выбараў 1994 года набраў 12,82% галасоў, што не дазволіла яму прайсці ў другі тур, куды выйшлі Лукашэнка і Кебіч. —“Позірк”.). Будзь бы ў Пазьняка падтрымка на ўзроўні 40–45%, БНФ прасоўваў бы прэзідэнцкую форму праўлення. Палітыка — рэч прагматычная.
— Як сталася, што з гэтай Канстытуцыі “атрымаўся” Лукашэнка?
— Канстытуцыя 1994 года зацвярджала прэзідэнцкую форму праўлення. Прэзідэнт у ёй не толькі кіраўнік дзяржавы, але і кіраўнік выканаўчай галіны ўлады. Гэта не толькі існыя вялізныя паўнамоцтвы, але і вялікія спакусы атрымаць, набыць, адваяваць новыя.
— Дарэчы, чаму дзень яе прыняцця перастаў быць выхадным?
— Канстытуцыя, прынятая праз дэмакратычныя працэдуры, — гэта легітымны збор правілаў, паводле якіх жыве краіна і яе грамадзяне. Канстытуцыі ў дэмакратычных дзяржавах — гэта законы прамога дзеяння, якія маюць найвышэйшую юрыдычную сілу. Такое ўспрыманне Канстытуцыі кантрастуе з цяперашняй беларускай рэчаіснасцю.
Таму, чым менш згадак, пастоў, сюжэтаў пра Канстытуцыю, тым лепш самаадчуванне кіруючага клана. Да таго ж Канстытуцыя 1994 года — гэта прадукт, на якім няма пазнакі “ухваляю”, напісанай рукой Лукашэнкі. Усё гэта, на мой погляд, і абумовіла выцясненне Дня Канстытуцыі са спісу прыярытэтных святаў.
— А чаму вы і тагачасная каманда Лукашэнкі не змаглі разглядзець, што Канстытуцыя будзе служыць інтарэсам аднаго чалавека?
— Я мог бы абмежавацца [тым] алібі, [што] не галасаваў за Канстытуцыю 1994 года, на тое былі свае прычыны. Канстытуцыя 1994 года магла стаць у роўнай ступені як стартавай пляцоўкай для рэформ, еўраінтэграцыі, так і пачаткам шляху ў тупік. Усё астатняе — збег дзясяткаў фактараў, выпадковасцяў і заканамернасцяў. Тады ніхто не ведаў дыягназ Лукашэнкі — захворванне на ўладу. Гэта, на маю думку, вырашальны фактар.
— Тры канстытуцыйныя рэферэндумы за 30 гадоў — ці не занадта вялікая дэвальвацыя Асноўнага закона?
— Разварот на 180 градусаў — у бок дыктатуры — адбыўся ўвосень 1996 года (другі канстытуцыйны рэферэндум у лістападзе. — “Позірк”.). Наступнае вынікала з антыканстытуцыйнага перавароту, які адкінуў Беларусь за буйкі, пасьля якіх пачынаецца аўтарытарызм.
Так што сітуацыя, калі “не да закону”, гэта не 2020 год, дэ-факта гэта амаль 30-гадовы перыяд. За гэты час Канстытуцыя стала палітвязнем нумар адзін у Беларусі, а аўтарытарызм трансфармаваўся ў дыктатуру. Сёння Канстытуцыя — гэта дыванок для выцірання ног, які ляжыць на ўваходзе ў кабінеты ўлады.
— Краіне, відавочна, патрэбна новая Канстытуцыя, і яна мусіць быць падрыхтаваная загадзя. Што ўжо зроблена, якія асноўныя адрозненні ад цяперашняга ў краіне дакумента?
— Праца над праектам Канстытуцыі новай Беларусі (КНБ) з рознай ступенню інтэнсіўнасці працягваецца з 15 сакавіка 2019 года (тады была створана Грамадская канстытуцыйная камісія — ГКК. – “Позірк”.) да цяперашняга часу. Найбольш інтэнсіўны перыяд працы — з кастрычніка 2020 года па лістапад 2021-га.
Калі на пачатку працы ГКК ставіла задачу падрыхтаваць дапаўненні і змяненні да тэксту Канстытуцыі 1994 года, то пасля падзей жніўня 2020 года было вырашана рыхтаваць праект новай Канстытуцыі. Замоўцамі выступілі тыя сотні тысяч людзей, якія выйшлі на вуліцу [пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і хвалі гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў], і тыя мільёны, якія іх падтрымлівалі.
Наш замоўца — мільёны прыхільнікаў перамен, якія лічаць, што трэба мяняць не толькі прозвішчы людзей, якія дзесяцігоддзямі стваралі гэтую сістэму, але і саму сістэму, у аснове якой гіперпрэзідэнцкая форма праўлення. Сістэму, у якой не працуе прынцып падзелу ўладаў, дзе адсутнічаюць стрымкі і процівагі, стэрылізавана мясцовае самакіраванне, а парламент і судовая сістэма — не самастойныя галіны ўлады, а аддзелы адміністрацыі…
Мы прайшлі тры чытанні праекту КНБ. Праведзеная праца — вынік сумесных намаганняў тысяч людзей: экспертнай супольнасці, грамадзянскіх ініцыятыў і няўрадавых арганізацый, палітычных партый і рухаў. Мы прайшлі аўдыт і атрымалі пазітыўную адзнаку больш за 40 вядучых міжнародных спецыялістаў у галіне канстытуцыйнага права. Маем станоўчую адзнаку Венецыянскай камісіі (Еўрапейскай камісія за дэмакратыю праз права. — “Позірк”.) у дачыненні да палітычнай сістэмы, закладзенай у праекце КНБ. Але пакуль гэта коска, а не кропка.
Мы працягнем дапаўняць, удасканальваць, паляпшаць галоўны дакумент новай Беларусі. Мы зробім усё, каб як мага больш беларусаў уключылася ў гэты працэс, каб разуменне важнасці і неабходнасці гэтай працы было ў большасці выбаршчыкаў краіны. Цяпер разам з няўрадавымі арганізацыямі, палітычнымі партыямі, экспертнай супольнасцю мы пачалі працу над 20 законапраектамі ў развіццё і дапаўненне праекта Канстытуцыі новай Беларусі. Шэсць з іх будуць прадстаўленыя на канферэнцыі 15 сакавіка ў Сейме Літвы.